Да ўзнікнення школы ў Янавічах дзеці навучаліся ў дзяка. Упершыню ў Янавічах у 1880 годзе адкрылася пачатковая царкоўна-прыходская школа. Настаўніцай гэтай школы была А.П. Гусарэвіч. У 1896 годзе ў гэтай школе працаваў настаўнік Талочка. Настаўнік ён быў дастаткова строгі і вучняў, якія правініліся, біў лінейкай па руках.
У гэтай пачатковай школе навучаліся сумесна хлопчыкі і дзяўчынкі. Размяшчалася школа ў аднапавярховым драўляным царкоўным будынку за хатай святара. У школу прымалі толькі рускае насельніцтва. Курс навучання ў пачатковай школе быў трохгадовы. Адзін настаўнік вёў адначасова тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае, размяркоўваючы работу такім чынам: два аддзяленні займаліся самастойна па пісьмовай матэматыцы або рускай мове, а ў трэцім аддзяленні праводзілася вусная размова. Колькасць вучняў дасягала 45 чалавек. Да абеду (з 9 гадзін раніцы да адной гадзіны дня) былі ўрокі, а пасля абеду з двух гадзін да шасці праходзілі вячэрнія заданні па падрыхтоўцы ўрокаў на наступны дзень. Педагог у гэты час правяраў сшыткі. Такім чынам, уся вучоба праходзіла ў школе. Паміж урокамі, канешне, наладжваліся перапынкі. Вялікае месца адводзілася Закону Божаму і царкоўнаславянскай мове, але адначасова вывучалі рускую мову, арыфметыку, геаграфію, гісторыю, і некаторыя звесткі даваліся па навакольным асяроддзі.
Трэба адзначыць, што пасля заканчэння школы дзеці пісалі граматна, прынамсі, без значных граматычных памылак. Гэта давалася не так лёгка, бо ўжывалі ў гэты час літару яць і цвёрды знак. Асаблівасцю царкоўна-прыходскай школы было тое, што па нядзелях трэба было хадзіць у царкву, а ў першы тыдзень Вялікага Паста наведваць царкву ўсім класам. Некаторыя вучні з добрымі галасамі ўдзельнічалі ў царкоўным хоры.
У 1897 годзе адкрылася мужчынская двухкласная школа, якая праіснавала да 1905 года. Спачатку яна размяшчалася ў доўгім аднапавярховым будынку насупраць царквы. Хата належыла прыватнай асобе. Усе настаўнікі гэтай школы былі выхавальнікамі Віцебскай духоўнай семінарыі. Загадчыкам школы лічыўся мясцовы святар Цытовіч. Настаўнікі падбіраліся дастаткова прагрэсіўныя, з новымі поглядамі і дэмакратычнымі ідэямі. Звычайна настаўнікі з семінарыстаў станавіліся затым святарамі, а ў дадзеным выпадку амаль усе так і засталіся настаўнікамі. Школа рыхтавала настаўнікаў для школ пісьменнасці. У праграме былі наступныя прадметы: руская мова, арыфметыка, геаметрыя, геаграфія, гісторыя, фізіка, спевы, з педагагічных дысцыплін – дыдактыка. Відавочна, трэба было вывучаць Закон Божы і царкоўнаславянскую мову. Па рускай мове, акрамя граматыкі і сінтаксісу, знаёмілі з творамі рускіх пісьменнікаў.
Школа праводзіла грамадскую работу: па нядзелях наладжваліся чытанні для мясцовага насельніцтва з дэманстрацыяй карцін, праводзіліся літаратурныя вечары.
Узровень ведаў выхавальнікаў двухкласнай школы, якія атрымалі званне настаўніка школы пісьменнасці, быў дастаткова высокі: без спецыяльнай падрыхтоўкі пасля дадатковага іспыту атрымлівалі дыплом настаўніка пачатковай школы.
У 1900 годзе быў пабудаваны спецыяльны двухпавярховы будынак у канцы Парэцкай вуліцы, куды перамясцілася школа. Тут былі добра абсталяваныя кватэры-пакоі для настаўнікаў, прасторныя класы з вялікімі вокнамі, інтэрнат, сталовая, кухня і ўзорны клас пачатковай школы для практычных заняткаў будучых настаўнікаў. Пры школе быў вялізны надзел, адрына, свіран, лазня. Словам, гэта быў прататып школы-інтэрната. У новым памяшканні мужчынская школа праіснавала з 1900 па 1905 год. Выпускнікі, якія скончылі гэтую школу, успаміналі сваіх лепшых настаўнікаў: Р.Д. Іваньковіча, М.С. Баброўскага. З янавічан, якія атрымалі адукацыю ў гэтай школе, былі: А.А. Высоцкі, Р.Я. Высоцкі, Варламаў, С.Р. Варапаламееў, К.Я. Каланіцкая, Л.Я. Каланіцкі, А.С. Пчолка, М.М. Ражкоў, М.П. Салтыкоў, А.С. Шабека, М.Р. Юр’еў. Некаторыя з іх затым скончылі настаўніцкую семінарыю і настаўніцкі інстытут.
Янавіцкая двухкласная настаўніцкая школа існавала з 1905 – 1918 гг. Настаўнікамі гэтай школы былі: В.І. Яланская, Чарняўская, А.П. Цытовіч, Н. Ястрабава, Заблоцкая, Н.Я. Нікіфароўская, Р. Сонцава. Загадчыкам спачатку быў святар Цытовіч, а затым І. Нікіфароўскі. Школа размяшчалася ў каменным двухпавярховым будынку ў канцы Парэцкай вуліцы, пазней быў пабудаваны дадатковы драўляны будынак для ўзорнага класа, сталовай і кухні. Абодва будынкі аб’ядноўваліся драўляным калідорам. У 1905 годзе ў Віцебскім павеце ўжо існавала дзве мужчынскія двухкласныя школы: у Янавічах і Храпавічах, а жаночай не было ні адной. Было прынята рашэнне: адну з іх пераўтварыць у жаночую. Выбралі Янавіцкую школу.
Такім чынам, у 1905 годзе мужчынская двухкласная школа была пераўтворана ў жаночую, а настаўнікі і вучні былі пераведзены ў іншыя школы. Вучэбная праграма і агульны накірунак работы ў жаночай двухкласнай школе былі тымі ж, што і ў мужчынскай.
ЯНАВІЦКАЕ 4 –Х КЛАСНАЕ ГАРАДСКОЕ ВУЧЫЛІШЧА.
Пасля пераўтварэння Янавіцкай мужчынскай двухкласнай школы ў жаночую двухкласную юнакі мястэчка і навакольных вёсак, якія скончылі пачатковыя школы, не маглі працягваць навучанне (не хапала сродкаў). Толькі некаторыя ўладкоўваліся ў гарадское вучылішча ў Суражы. А ў Суражы таксама трэба было плаціць за навучанне і пражыванне вучняў на прыватных кватэрах. Насельніцтва стала патрабаваць адкрыцця гарадскога вучылішча ў Янавічах. Пытанне было вырашана станоўча толькі праз тры гады (1905 – 1908 гг.).
Гарадское 4-х класнае вучылішча, дзе навучаліся толькі хлопчыкі, было адкрыта ў 1908 годзе і праіснавала да 1918 года. Размяшчалася яно ў двухпавярховым будынку на Рыначнай плошчы (вугал Калышанскай і Лёзненскай вуліц). Будынак належыў прыватнай асобе Рубашкіну і здаваўся на правах арэнды. Ён захаваўся да цяперашняга часу. Пабудаваны як жылая хата, ён, канешне, не адпавядаў патрабаванням школьнага памяшкання. На верхнім паверсе размяшчаліся класы і настаўніцкая, а на ніжнім – кватэра інспектара школы.
Інспектарам вучылішча быў М.М. Жукавец. Настаўнікамі працавалі: М.Я. Высоцкі, Д.Ф. Грышманоўскі, Ц.М. Крупенькін, В.М. Арлова, А.С. Пчолка, М.М. Ражкоў, В.М. Руткоўскі, С.І. Румака, Ф. Ціхаміраў, У.А. Шалюга, М.Р. Юр’еў, Е.М. Юр’ева, З. Якаўлева.М.М. Ражкоў, напрыклад, вёў настаўніцкую дзейнасць з 1913 года па 1916 год. Трэба адзначыць, што выкладчыцкі склад быў дастаткова падрыхтаваны, бо большасць з іх скончылі настаўніцкі інстытут. У праграму ўваходзіў “Закон Божы”, выкладанне якога ажыццяўляў святар Ф. Ціхаміраў, які прыязджаў з вёскі Вымна. Вучні вывучалі адну з замежных моў – французскую. Вельмі нядрэнна было наладжана выкладанне малявання і чарчэння, якія вёў У.А. Шалюга пасля сканчэння мастацкага вучылішча. Вучэбныя дапаможнікі па прыродазнаўству, фізіцы, геаграфіі, маляванню былі вельмі добрымі: многа карт, маляўнічых табліц, абсталяванне па фізіцы, гіпсавых арнаментаў і бюстаў, бібліятэка.
У вучылішчы наладжваліся літаратурныя вечары. Быў нават пастаўлены спектакль “Недарасль” Фанвізіна, які атрымаў высокую ацэнку публікі. Праводзіліся экскурсіі, а вясной навучэнцы займаліся добраўпарадкаваннем мястэчка.
З настаўнікаў гарадскога вучылішча неабходна адзначыць ураджэнцаў мястэчка: М.Ф. Юр’ева, які атрымаў званне заслужанага настаўніка РСФСР; Н.Н. Ражкова, вельмі добрага педагога, які працаваў настаўнікам каля сарака гадоў; А.С. Пчолка, які працаваў у Акадэміі педагагічных навук, меў па педагагічных пытаннях свае працы і падручнікі. Т.М. Крупенькін быў аспірантам і напісаў падручнік па матэматыцы.
Гарадское вучылішча праз некаторы час атрымала назву Вышэйшае пачатковае вучылішча.
Пасля рэвалюцыі ў 1917 – 1918 навучальным годзе ў Янавічах мужчынскае гарадское вучылішча і жаночая двухкласная школа былі перайменаваны ў Вышэйшыя пачатковыя, а ў пачатку 1918 – 1919 навучальнага года адбылося аб’яднанне ўсіх існаваўшых школ, у тым ліку і пачатковых, і была створана адзіная працоўная школа першай і другой ступені. Класы першай ступені размяшчаліся ў цэнтры мястэчка, а класы другой ступені – у каменным і драўляным будынках у канцы Парэцкай вуліцы. Састаў педагагічнага калектыву значна змяніўся.
Першым выконваючым абавязкі загадчыка школы быў выбраны І.М. Пруднікаў, а сакратаром У.І. Фёдараў. Пазней загадчыкам стаў А.І. Сінявока, які працаваў на гэтай пасадзе да свайго пераводу ў Віцебскі педтэхнікум у 1924 годзе. У школьны савет, акрамя педагогаў, увайшлі прадстаўнікі навучэнцаў і бацькоў. Школа прымала ў старэйшыя класы ўсіх асоб без абмежавання ўзросту, што дало магчымасць многім атрымаць сярэднюю адукацыю. Праграма школы 2-ой ступені, канешне, адрознівалася ад дарэвалюцыйнай ўжо тым, што не было лацінскай і грэчаскай моў, Закона Божага і іншых прадметаў. Былі ўведзены ўрокі ручной працы і часткова самаабслугоўвання. Была адкрыта сталярная майстэрня, але з вельмі абмежаваным запасам прылад. На школьным савеце было шмат дыскусій аб змесце і метадах выкладання дысцыплін. Праз два гады першая і другая ступені былі раздзелены. Загадчыкам 2-ой ступені застаўся А.І. Сінявока, а 1-ай ступені - М.Я. Высоцкі. Удакладніць састаў педагагічнага калектыву па вучэбных гадах за даўнасцю часу не прадстаўляецца магчымым, а пагэтаму прыводзім агульныя спісы настаўнікаў, якія працавалі з 1918 па 1924 гг. Па 1-ай ступені: М.П. Адамава, К.Р. Голычава, М.Я. Высоцкі, С.Р. Каланіцкая, М.М. Пруднікава, Ф.Я. Шытула, П.Ф. Шыпула.
Па 2-ой ступені: О.П. Высоцкая, І.М. Вераценікаў, М.В. Зэберг, П.М. Знаменскі, М.М. Зарубін, З.В. Зарубіна, А. Іграпула, А.Я. Каланіцкая, Т.М. Крупенькін, Р.Р. Ладэс, І.Р. Ладэс, І.М. Пруднікаў, Р.Ф. Палякоў, М.Р. Роук, С.І. Румака, Е.Ф. Раманава, А.І. Сінявока, П.П. Філінсан, У.І. Фёдараў, Р.І. Чумакоў, М.В. Шапуроў, Э.Эпім, М.Р. Юр’еў. У 1920 – 1921 гады педагагічны састаў папоўніўся новымі калегамі, якія перавяліся з Віцебска і нават Ленінграда. Гэта былі супругі Эпіле, Зарубіны, П.М. Знаменскі, мастак І.П. Вераценікаў. У школе настаўнікі, акрамя заработнай платы, атрымлівалі і прадукты. Некаторыя вучні плацілі за навучанне і забяспечвалі школу зернем і бульбай. Трэба адзначыць, што жыццё школы 2-ой ступені працякала актыўна. Акрамя абавязковых прадметаў праграмы, вучні займаліся ў гуртках па літаратуры, фізіцы, астраноміі, бібліятэчнай справе і ў мастацкай самадзейнасці па пастаноўцы спектакляў. У 1922 – 1923 навучальным годзе была арганізавана вялікая школьная выстава, дзе дэманстраваліся работы вучняў па маляванню, чарчэнню, дыяграммы і табліцы па курсу літаратуры і фізікі, вырабленыя навучэнцамі, вучэбныя дапаможнікі. Пры гэтым многія вопыты па фізікі праводзіліся самімі вучнямі. Словам, гэта была грунтоўная справаздача аб дзейнасці школы. Старэйшыя выпускныя класы амаль штогод праводзілі экскурсіі ў г. Віцебск, дзе знаёміліся з яго славутасцямі і вытворчымі аб’ектамі.
Галоўным арганізатарам экскурсій быў выкладчык фізікі М.Р. Юр’еў. У школе наладжваліся літаратурныя вечары і спектаклі (вечар, прысвечаны юбілею Някрасава, літаратурны суд над Пячорыным, спектаклі: “Святыя і галодныя”, “Жаніцьба” і іншыя). Са спектакляў, якія былі наладжаны сіламі настаўнікаў і вучняў трэба адзначыць: 29 мая 1923 года “На парозе да справы” А.Н. Астроўскага, 12 сакавіка 1924 года “Лес”.
Склад настаўнікаў у 1922 – 1923 навучальным годзе ў школе 2-ой ступені наступны: загадчык школы А.І. Сінявока, педагогі М.Р. Юр’еў, М.В. Зэбер, І.Р. Ладэс, А.Я. Каланіцкі. У 1923 – 1924 навучальным годзе - загадчык школай А.І. Сінявока, педагогі В.П. Высоцкая, М.В. Зэбер, М.Р. Юр’еў, А.Я. Каланіцкі, А.Э. Іграпула, М.В. Шапуроў, школьны лекар Я.А. Ліўшыц. Трэба адзначыць, што большасць выпускнікоў школы 2-ой ступені за гэтыя гады сталі педагогамі, інспектарамі, вядомымі людзьмі.
На 1923/1924 навучальны год у Янавічах існавала 2 школы:
школа І ступені (дырэктар Каланіцкая Сафія Рыгораўна);
школа ІІ ступені (дырэктар Ладэс Іосіф Гаўрылавіч).
У 1924 – 1925 годзе школы 1-ай і 2-ой ступені, якія існавалі ў Янавічах, былі зноў аб’яднаны і ператвораны ў сямігадовую школу з адпаведнымі скарачэннямі праграмы. У гэты ж час была праведзена беларусізацыя і выкладанне ўсіх прадметаў паслядоўна пераведзена на беларускую мову, якая і стала асноўным прадметам.
Састаў настаўнікаў у 1924 – 1925 навучальным годзе – 1929 г. Малодшыя класы: К.Р. Болычава, М.Я. Высоцкі, С.Р. Каланіцкая, І.К. Самалет, П.Ф. Шыпула. Старэйшыя класы: В.П. Высоцкая, М.В. Зэберг, І.З. Залаты, П.С. Конюхаў, В.П. Конюхава, А.Я. Каланіцкі, В.М. Шапуроў. Загадчык школай П.С. Конюхаў, сакратар А.Я. Каланіцкі, беларускую мову выкладаў І.З. Залаты. У гэтыя ж гады паралельна адкрылася і спецыяльная яўрэйская школа, бо большасць насельніцтва мястэчка складалася з яўрэеў. Яўрэйскай сямігадовай школе было аддадзена памяшканне былога гарадскога вучылішча на цэнтральнай плошчы мястэчка, а беларуская сямілетка стала працаваць у памяшканнях у канцы Парэцкай вуліцы і былой пачатковай школы. Беларуская школа ў сваёй рабоце прытрымлівалася традыцый школы 2-ой ступені. З наватарстваў выкладання трэба адзначыць работу па комплекснай сістэме спачатку ў малодшых класах, а потым і ў старэйшых 5, 6, 7.
На 1928/ 1929 навучальны год школа займала 3 уласныя будынкі і 1 клас у яўрэйскай школе. У школе былі створаны наступныя кабінеты: прыродазнаўчы, матэматычны, грамадазнаўчы і мовазнаўчы. Дзейнічалі 2 бібліятэкі: вучнёўская (2537 кніг) і настаўніцкая (1614 кніг). Бюджэт школы фарміраваўся з платнага навучання і мясцовых сродкаў раённага выканаўчага камітэта. У школе працавала 12 настаўнікаў: з вышэйшай адукацыяй – 3 чалавекі; з сярэднеспецыяльнай 6 чалавек; з ніжэйшай спецыяльнай 3 чалавекі. На чале школы знаходзілася школьная рада, якая склікалася 1 раз у месяц. Арганізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу ажыццяўлялася па трыместрах.
Школа і настаўнікі вялі грамадскую работу, а вучні старэйшых класаў, як правіла, удзельнічалі ў спектаклях, якія праводзіліся ў дні савецкіх свят у народнай хаце. Некаторыя спектаклі былі пастаўлены толькі навучэнцамі, так напрыклад: 30 красавіка 1928 года “Белыя маёўкі”, 4 жніўня 1928 года “Паўлінка”, “Сытыя і галодныя”, “Чырвоныя кветкі Беларусі”, “Цвікі”, “Апошні крык”.
З 1930 года ў Янавічах працавала школа калгаснай моладзі з сямігадовым навучаннем. У 1935 годзе яна была ператворана ў сярэднюю беларускую школу. У памяшканні сярэдняй школы знаходзілася руская сямігадовая школа. Дырэктарам гэтай школы быў Клімовіч, настаўнікамі ў гэтай школе працавалі: Саўчанка Т.М., Шабека Л.І., Глыжа А.С. У сярэдняй беларускай школе працавалі: Шабунін, Сёмачкін, Давыдаў К.М., Кончанка Я.Ф. (былы выпускнік школы). Усе яны па чарзе працавалі дырэктарамі гэтай школы. Настаўнікамі гэтай школы былі: Баранаў А.В. (завуч), Шаўчук, Уздзіна Г.Д., Цымірынаў Л.І., Цымірынава Д.І., Гарэлік, Лядкоўскі С.П., Кандратовіч, Алферэнка і іншыя. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ўсе будынкі школы былі разбураны і школа не працавала.
10 кастрычніка 1943 года Янавічы былі вызвалены ад нямецка-фашысцкай акупацыі. У снежні 1943 года ў Янавічах зноў пачала функцыяніраваць савецкая школа у хутка ўзноўленым будынку, дзе пазней стала размяшчацца спартыўная зала. На пачатку ў ёй было толькі чатыры класы Дырэктарам школы была з 1943 – 1945гг. Андрэева А.І. Завучам працавала Зайцава Л.Ц. У 1946 годзе школа размясцілася ў адбудаваным школьным будынку, дзе потым знаходзілася сельская крама. З 1945 да 1947 года дырэктарам школы быў Баброў М.Ф. У 1947 годзе быў узноўлены школьны будынак, дзе працягваліся заняткі ва ўсіх класах. У 1944 – 1945 годзе пачала ўжо працаваць сярэдняя школа. У 1948 годзе быў першы пасляваенны выпуск дзесятага класа Янавіцкай сярэдняй школы. У 1948/1949 навучальным годзе ў школе навучалася 412 вучняў.
На 1949/1950 навучальны год школа размяшчалася ў 2-х павярховым каменным будынку, у якім знаходзілася 8 класных пакояў, бібліятэка, настаўніцкая, кабінет дырэктара. На пачатак навучальнага года школа часткова была забяспечана вучэбным абсталяваннем. Галоўная праблема пасляваеннай сістэмы адукацыі - недахоп вучэбных дапаможнікаў. Не была выключэннем і Янавіцкая школа. Так, не было падручнікаў па рускай і беларускай мовах для 2 класа, нямецкай граматыцы 9-10 класаў, для 7 і 9 класа падручнікаў па геаграфіі (1949 года выдання). На 1 верасня 1949 года 465 вучняў. Школа функцыяніравала ў 2 змены.
Дырэктарам школы працаваў Нікіценка Якаў Міхайлавіч (настаўнік біялогіі), а завучам – Заранкоў В. Р.
У 1957 годзе ў СССР была праведзена рэформа адукацыі. У рамках гэтай рэформы асноўная ўвага надавалася палітэхнічнаму навучанню. Не была выключэннем і Янавіцкая школа. У 1958/1959 навучальным годзе прыярэтэтным накірункам школы стала сельскагаспадарчая дзейнасць. Асноўная форма работы – вытворчая брыгада. Былі наладжаны дзелавыя сувязі з калгасам імя Г. Дзімітрава і калгасам імя А. Суворава У брыгадзе налічвалася ў сярэднім 75 вучняў. У 6 звёнах займаліся: паляводствам, жывёлагадоўляй, будаўніцтвам, вырошчваннем птушак. На 37 гектарах зямлі, выдзеленай калгасам, вырошчвалі кукурузу, жыта, бульбу, лён, буракі.
Шмат чаго было зроблена ў школе для арыентацыі вучняў на сельскагаспадарчыя прафесіі: створаны спецыяльны стэнд з фотаздымкамі перадавікоў гаспадарак, праводзіліся класныя гадзіны на адпаведныя тэмы, работа з бацькамі ў дадзеным накірунку. Арганізатарамі вытворчай брыгады былі наступныя настаўнікі: Дубава В. М. і Кірпічэнка М. І. Вынікі дзейнасці брыгады былі высока ацэнены граматамі Міністэрствам адукацыі.
У школе пад кіраўніцтвам Шэдзікавай Л. М і Кірпічэнка М. І. праводзілася вялікая вопытна-эксперыментальная работа. Яе вынікам сталі шматлікія публікацыі ў рэспубліканскіх і абласных газетах. Удзельнікі даследчыцкай работы займалі высокія прызавыя месцы на раённых і абласных конкурсах. Аб чым сведчаць шматлікія ганаровыя граматы розных узроўняў.
У 1961/1962 навучальным годзе створана комплексная школа-інтэрнат, куды быў пераведзены Суражскі дзіцячы дом. У сувязі з гэтым адбылося будаўніцтва новага вучэбнага корпуса (у 1961г). інтэрната і гаспадарчага корпуса (у 1962г.). Вялікая краязнаўчая работа праводзіцца ў школе з 1960 года і па сучасны час. Пачынальнікам яе быў Кісялёў А.К. - настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. Вынікам шматгадовай і плённай краязнаўчай дзейнасці стала адкрыццё ў 1972г. музея Народнай славы. Нязменным кіраўніком музея на працягу 26 гадоў была намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Камінская Г. Я.
Мае 14 раздзелаў: “Вытокі” (прадметы этнаграфіі); “Гісторыя ўзнікнення і развіцця Янавічаў”; “Устанаўленне савецкай улады”; “Развіцце культуры ў Янавічах”; “М.М.Барадзін – вядомы рэвалюцыянер і палітычны дзеяч”; “Беларусь сінявокая”; “З імем У.І.Леніна”; “Дзеля жыцця на зямлі”; “Баявыя сяброўкі”; “Арляняты Вялікай Айчыннай вайны”; “Партызанскі край”; “Мір зямлі Віцебскай”; “Памяць пра тых, хто легендай авеяны”; “На варце Айчыны”. Сярод экспанатаў музея – прылады працы селяніна і ўзоры сельскагаспадарчай прадукцыі, якія апавядаюць аб гісторыі паселка і яго жыхарах, аб знакамітых земляках. Вялікае месца займаюць звесткі аб баявым мінулым: фотаздымкі, матэрыялы аб воінах, загінуўшых у баях за вызваленне Янавічаў, фотаздымкі і спісы загінуўшых на вайне настаўнікаў і навучэнцаў школы, спісы мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі.
У музеі есць матэрыялы аб 145-й і 332-й стралковых дывізіях, якія вызвалялі Янавічы, аб Герою Савецкага Саюза Г.С. Гарфункіне – ураджэнцу Янавіч.
Разнастайныя паходы і экскурсіі, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў альбомах і захаваліся ў музеі для духоўнага узбагачэння нашчадкаў.
Здзейснены цікавыя турыстычныя паходы па партызанскіх сцежках, сустрэчы з былымі арганізатарамі партызанскага руху і проста з цікавымі людзьмі.
Гісторыка-краязнаўчым гуртком аформлены цікавыя паходы па вывучэнню гістарычнага мінулага нашага краю і мясцін партызанскага руху ў Суражы.
У музеі можна знайсці і звесткі пра памятныя мясціны роднага краю, памятныя сустрэчы школьнікаў з вядомымі людзьмі, такімі, як М.Я. Баранавым, які у свой час сустракаўся з Леніным, удзельнічаў ў трох войнах і Міхайлавым Н.Я., удзельнікам трох рэвалюцый, які таксама сустракаўся з Леніным, прымаў удзел у вызваленні Віцебшчыны.
З 1970 года ў школе ўведзена ваенная падрыхтоўка. Работа была арганізавана на наступных накірунках: ваенна-патрыятычнае выхаванне, тактычная падрыхтоўка, страявая падрыхтоўка, вывучэнне Устава Узброеных сіл СССР. Працаваў гурток “Трапны стралок”. Была наладжана ўзаемасувязь з Янавіцкай пасялковай бальніцай. Пад кіраўніцтвам Кісялёвай М. А. у школе дзейнічала сандружына. У сістэму выхаваўчай работы ўвайшлі гульня “Арлёнак”, “Зарніца”, агляд страявой песні, сустрэчы з ветэранамі. Актывізавалася цімураўская работа. Вучні прымалі ўдзел у раённых і абласных спаборніцтвах па ваенна-прыкладных відах спорта, аб чым сведчаць шматлікія граматы, якімі былі ўзнагароджаны вучні. Сярод настаўнікаў, якія актыўна займаліся арганізацыяй гэтай работы, можна назваць Кірпічэнка І. І., Камінскага А. Я.
Яркай старонкай у рабоце школы трэба адзначыць фізкультурна-аздараўляльны накірунак. Аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды, змешчаныя ў фондах музея. Вялікі ўклад у развіццё фізкультуры і спорта зрабілі наступныя настаўнікі: Шпакоўская Р. П., Шаблоўскі А. К., Лядзенка Л. В.
Вучні і настаўнікі школы былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці раёна і вобласці. Мастацкім кіраўніком вакальнай групы і хору доўгі час працаваў Алепкін А. А. Духавы аркестр і аркестр народных інструментаў шырока быў вядомы сярод жыхароў раёна.
У сістэму вучэбна-выхаваўчай работы з 1970 г. увайшлі лагеры працы і адпачынку. Іх дзейнасць ажыццяўлялася Кісялёвым А. К., Кірпічэнкам І. І. і Камінскай Г. Я., Ізобавай І.М.
У 2000 г. 28 кастрычніка школа адзначыла 120 - годдзе. Гэта была значная падзея для ўсяго гарадского пасёлка Янавічы. За час святкавання школу наведалі былыя вучні, ветэраны педагагічнай працы. Работа педагагічнага калектыву была высока ацэнена аддзелам адукацыі Віцебскага раёна, адміністрацыя і самыя актыўныя настаўнікі былі ўзнагароджаны граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі.
У 2006 г. шырока святкавалася 100-годдзе выпускніка школы Каваленка Я. Р. Мерапрыемства было праведзена сумесна з установай адукацыі “Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны”.
Школа працягвае працаваць. За гэты час у школе было зроблена шмат выпускаў. Былыя выпускнікі нашай школы працуюць у сельскай гаспадарцы, на вытворчасці, у адукацыі, медыцыне. Выпускнікі Янавіцкай сярэдняй школы вучацца ў сучасны час ў вышэйшых навучальных установах у Мінску, Віцебску, Полацку, Магілёве.